Была некалі такая французкая пісьменніца -- Калет.
Прызнацца, я не прачытала ні аднаго яе твора.
Затое ў жаночых часопісах, кшталту "Elle" , увесь час сустракаю яе парады -- як утрымаць мужчыну.
Напрыклад, каб утрымаць маладога каханка, трэба рэгулярна рабіць масаж твару... А вось каб утрымаць мужа, трэба рэгулярна гатаваць фаршыраваныя шампіньёны...
Рэцэпт просты, праўда, ён не ад Калет, а ад мяне:
Фаршам са спецыямі напаўняюцца шляпкі, з якіх выразаны ножкі. У сярэдзіне гатавання -- пасыпаецца сырам. Гатуецца ў духоўцы, на блясе, хвілін сем. На мой погляд, смачна, хоць і проста.
Неяк я пісала ў дзённіку, што мару, каб фармаколагі вынайшлі пігулку супраць няшчаснага кахання...
Сёння я вырашыла пытанне ў аб'ёме цэлай краіны!
А было так... На працы заўважыла, што ў мяне кепскі настрой і хочацца спаць. Ну такая тыповая беларуская хвароба, якую мы завем "агульная млявасць і абыякавасць да жыцця". На фоне эйфарычнага стану апошніх дзён, гэта было дзіўна. Прааналізаваўшы, што пайшло не так, прыйшла да высновы, што забыла выпіць раніцай вітамінкі -- фоліевую кіслату. Я абсалютна сур'ёзна звязваю прыём кіслаты са сваім добрым настроем, бо, як сцвярджае інтэрнэт, фоліевая кіслата дапамагае выпрацоўцы сератаніна.
Больш за тое -- з інтэрнэта даведалася, што ў Амерыцы даўным даўно прыняты закон, па якому ўсе вытворцы мукі і хлебабулачнай прадукцыі абавязаны дадаваць у сваю прадукцыю гэтую самую фоліевую кіслату.
Цяпер вы разумееце, чаго гэтыя амерыканцы ходзяць такія задаволеныя? У іх крызіс, а яны радуюцца... Гэта ўсё фоліевая кіслата!
Больш за тое, вытворцы дадаюць яе ў хлеб столькі, што нядаўна давялося Дэпартаменту Сельскай гаспадаркі ЗША звярнуцца да буйнейшых харчовых канцэрнаў з прапановай знізіць колькасць гэтай кіслаты на 15 адсоткаў. Прычым, як пішуць, "прізывы правительства уже нашли понимание у многих представителей североамериканской пищевой индустрии, заявивших о готовности сотрудничества".
Гэта я да чаго? Не варта падымаць эканоміку і праводзіць лібералізацыю. Гэта доўга і нудна. Дастаткова правесці закон, каб акрамя араматызатару "Водка" ў кожную буханачку падсыпалі фоліевую кіслату, і краіну проста захлыне хваля шчасця, здароўя і працаздольнасці. А там, глядзіш і матэрыяльныя блага з'явяцца -- фоліевая кіслата і араматызатар "Водка" зробяць так, што ніхто не захоча ні спаць, ні піць. Застанецца, адно толькі працаваць!
Карацей, сёння я хачу быць міністрам аховы здароўя.
Раней мне дарылі шакалад "Алёнка", бо я была падобная на намаляваную беленькую дзяўчынку. Цяпер мне дораць "Сталічны", бо на абгортцы -- выява майго дома.Глядзець
Была ў мяне аднакурсніца Таня.
Пасля ўніверсітэта яна стала настаўніцай, ды не ў простай школе, а ў школе для дзяцей з запаволеным псіхічным развіццём. У прынцыпе ўсё было добра, толькі Таня па натуры была чалавекам вясёлым, энэргічным, з крэпкай фізічнай канстытуцыяй, а дзеці ёй трапіліся кволенькія і спакойныя. Тут бы радавацца, але не, не атрымлівалася ў Тані радавацца. "Тармазнутасць" дзяцей яе стала раздражняць. Аднойчы не вытрымала яна дзіцячага маўчання на ўроку і спытала:
-- Дзеці, а калі я залезу на стол і задзяру спадніцу, вы здзівіцеся?
І дзеці прамаўчалі...
Калі Таня расказвала неяк за сталом гэтую гісторыю, я, помню, анямела... Такое ноў коментс ва ўсёй красе моманту.
Я зразумела яе ўчынак пасля, калі разам з маладымі літаратарамі стала ездзіць па абласных універсітэтах.
Звычайна нас прыймалі вельмі весела, і пасля такіх сустрэч я заўсёды адчувала эмацыйны пад'ём. Але бывалі і іншыя выпадкі. Калі ў залю акрамя студэнтаў прыходзілі яшчэ і дэканы з рэктарамі -- гэта калі якое мясцовае тэлебачанне пра гэтую падзею распавядала. Нам на сцэне гэта было па барабану -- і дэканы, і тэлебачанне, а вось студэнты замаўкалі. Сядзяць, усміхаюцца і не гу-гу... Гэта было невыносна! Ты гаворыш, жартуеш -- а рэакцыі няма. І адчуванне, што ўся энэргія жыццёвая быццам бы з цябе выходзіць і знікае. І чым больш ты выёжваешся, тым большае адчуванне вусцішы...
... Сёння пачула за спіной размову настаўніц пра цяперашних вучняў.
-- Никогда не думала, что может быть такое поколение -- тормознутые и наглые одновременно... Говоришь им что-то прямо в лицо, а они тебя не слышат... Они просто на своей волне.
Сёння з раніцы прачытала нататку Галубовіча пра "успамінальшчыкаў" Сыса. Заўважу, напісаную за год да ўсіх гэтых юбілейных трызненяў. Заканчвалася яна так: "І гэтым разам Анатоль Ціханавіч "пастрыг пад нуль" усіх сваіх добрасардэчных успамінальшчыкаў...".
Сапраўды, успаміны пра Сыса становяцца спецыфічным літаратурным жанрам, накшталт, апавяданняў пра Леніна і бервяно. Сыс гэты феномен сам некалі і вытлумачыў "Усе гаворкі вакол мяне -- ад жадання дакрануцца да беларускай вечнасці. Хоць за сраку ўшчыкнуць, але пабыць каля Паэта"...
Гэтыя словы -- з магнітафоннай стужкі, якую я сёння слухала. Бо з раніцы мне пра Сыса нагадаў Галубовіч, а вечарам -- Дубавец.
Вось і дастала я запіс, якому дзевяць гадоў. Рабіўся ён для часопіса "Крыніца". А справа была так...
У 2000 годзе я задала пытанне Леаніду Галубовічу, вялікаму і заўсёднаму прыхільніку паэта, а тады супрацоўніку "Крыніцы" -- чаму кожны больш-менш заўважны пісьменнік атрымаў "постаць" (падборка інтэрв'ю, тэкстаў і ўспамінаў пра аўтара ў літаратурна-крытычным часопісе "Крыніца"), а Сыс -- не? Галубовіч назваў некалькі прычын, а пасля падвёў рысу:"Хочаш -- рабі!" І я стала рабіць.
Толькі праблема была ў тым, што ніхто не хацеў гаварыць пра жывога Сыса... Зусім ніхто, разумееце? І прычыны ва ўсіх былі розныя. Адны казалі, што ён спісаўся. Другія, што спіўся. Трэція, што ён -- хамудла. Чацьвёртыя, што ён гомасексуаліст... Больш за тое, мне проста ў твар выказвалі, што такая жанчына, як я, не павінна прапагандаваць такога вылюдка, як Сыс.
Дзе былі сённяшнія ўспамінальшчыкі -- чорт іх ведае. Але магу сказаць дакладна, а тыя, хто працаваў у "Крыніцы" не дадуць схлусіць -- матэрыял збіралі ўсёй рэдакцыяй два гады!
У выніку выйшаў нумар, на вокладцы якога дзіўным чынам апынулася лічба 666... А тымі, хто шанаваў Сыса пры жыцці і знайшлі ў сабе сілы напісаць пра яго некалькі слоў сталі Леанід Галубовіч, Вольга Шынкарэнка, Алесь Аркуш, Віктар Шніп, Усевалад Гарачка, Зміцер Вішнёў, Ганна Кісліцына, Адам Глобус, Пятро Васючэнка і Міхась Тычына.
Не помню, па якой прычыне адмовіліся пісаць Андрэй Федарэнка і Вітаўт Чаропка. Але дакладна ведаю, што ТОЛЬКІ ГЭТЫХ ЛЮДЗЕЙ Сыс назваў сваімі сябрамі...
Слухайце, у мяне напэўна параноя, але кожнага разу, як чую, што зноў сабраліся ўспамінальшчыкі, мне хочацца, каб Сыс устаў з труны і разагнаў да ...ай маці ўсю гэтую хеўру. Вось так устаў, абтрос зямлю і нагадаў пра тое, пра што ўвесь час нагадваў графаманам пры жыцці:" Я паэт, а вы ўсе -- пралятаеце!"
... А на стужцы дзесяцігадовай даўніны -- маё дзіцячае хіхіканне, стрыманыя мацюкі Сыса і неперарыўны звон келіхаў з гарэлкай.
Як добра здаць працу, накупіць дыскаў і цёмным халодным вечарам, схаваўшыся пад мяккай коўдрай з кубкам духмянай гарбаты, глядзець, як пад нагамі расколваецца зямля, круцяцца цунамі, чарнеюць ляднікі і рушыцца свет.
Каб мяне папрасілі выбраць самае "нацыянальнае" імя, я б, безумоўна спынілася на імені Альгерд Бульба.
Дарэчы, мой калега -- крытык і публіцыст, аўтар першай Нашай Нівы. А яшчэ -- выразу "краса і сіла"...
на
Выпадкова апынулася ў цэнтры антырасейскіх настрояў.
У сувязі са скептычнымі выказваннямі Кудрына пра беларускую эканоміку можна б было меркаваць, што яны выкліканы нядаўнім візітам першых расейскіх асобаў у наш слаўны горад... Дык вось не!
Беларусы, якія сустрэліся мне сёння на прадуктовым рынку былі шакаваны тэлесюжэтам пра расейскую кілбасу і тушонку! Неверагодна, але ўсе размовы ў мясных радах толькі і былі пра тое, што "расеяне нас труцяць!". Людзі кляліся адзін аднаму ў тым, што больш не будуць есці расейскага мяса, расхвальвалі беларускіх кур і нават абяцалі стаць вегетарыянцамі!
Пад уплывам гэтага нечаканага масавага псіхозу купіла маладой бульбы і спякла ў духоўцы...
Тэхналогія:
9 сярэдніх бульбін з амаль знятымі лушпінамі надрэзала крыж-накрыж,
упрыгожыла маленькімі кавалачкамі сала,
паклала на фальгу і запякла, пераварочваючы ў сярэдзіне працэсу.
Соўс:
Маянэз, часнык, укроп.
ВЕЛЬМІ ПАТРЫЯТЫЧНА!
Сёння здымалася ў тэлеперадачы пра маскульт.
Тэарэтычна павінна была ўразіцца і распавесці, тым больш, што разам са мной былі адразу два ЖЖ-сябра і адзін незафрэнджаны Вішнёў.
Але... Вечарам улезла ў скайп! А там мая знаёмая амерыканка якраз купіла Мэджык Буліт. Ведаеце, гэта такая фігня, якая бясконца рэкламуецца па ТБ для нарэзкі і нацёркі мяса і гародніны... І вось мне прыйшла ў галаву светлая ідэя, каб яна мне паказала, як гэта працуе ў рэальнасці (тым больш, што якраз у Штатах распродаж, і я магу купіць такую ж штуку)...
Уяўляеце, тыповая амерыканская кухня, як на тэлеэкране. У ролі галодных суседзяў -- аграмадны ратвелер. Жанчына дастае шкляначкі, ёмкасць... Кідае цыбулю, паварочвае шклянку... Гук рэальны, такі што ў мяне на другім канцы кватэры чуваць, быццам я дрэль на ўвесь дом уключыла. Вось толькі гэты буліт працуе зусім не так лоўка, як на экране...
Цыбуля ператвараецца ў густы сок з мяккацю.
Яблык з клубнікай -- у кашу!
Што б не кідалі ў гэтую магічную шклянку -- атрымліваўся неапетытны паштэт. Змена нажоў сітуацыю не змяніла.
Апошняй ішла пятрушка. Частка яе сцёрлася ў сок, частка засталася са сцяблінамі. Прычым у якім выглядзе гэта было на сценках празрыстай ёмкасці -- не перадаць... Па-за эстэтычнымі нормамі дакладна!
Эх, шкада няма тэлепорту -- я б яшчэ пакаштавала!
Але пасля дэманстрацыі ў рэжыме рэальнага часу, а не тэлезапісу, жаданне "мэджыкбуліцца" ў мяне знікла цалкам...
Цікава, хто -небудзь з вас карыстаецца? І як яно?
Прызнаюся, я даўно так не смяялася, як пад-час гэтага нечаканага рэаліці-шоў...
... гэта прысутнічаць на канферэнцыях, дзе табе на поўным сур'ёзе з трыбуны абвяшчаюць:
-- Кстати, его дядя был пантеистом...
Хто здагадаўся, пра каго гэта?
Трансцендентализм — американское философско-литературное движение 1830-60-х гг. (манифест-эссе Р. У. Эмерсона «Природа», 1836; Г. Торо, Э. Б. Олкотт, М. Руллер, Т. Паркер, частично Н. Готорн). Название и ряд идей взяты от «трансцендентального идеализма» И. Канта, а также Ф. Шеллинга. С позиций романтизма критиковало просветительский сенсуализм и современную цивилизацию. Основные идеи: социальное равенство «равных перед Богом» людей, духовное самоусовершенствование, близость к природе, очищающая человека от «вульгарно-материальных» интересов, интуитивное постижение макрокосма через микрокосм. Корни трансцендентализма лежат в трансцендентальном идеализме И. Канта.
Представители: Р. У. Эмерсон (основоположник и глава трансцендентализма), Г. Д. Торо и др.
Неяк прачытала ў
"Плёткі - гэта, вядома, жаночае. Мужчыны на плёткі не разьменьваюцца: каментуюць, інтэрпрэтуюць, абмяркоўваюць".
Ці не штодня ёсць нагода пагадзіцца з гэтай думкай...
Ёсць прадукты, якія выклікаюць у мяне душэўнае хваляванне.
Вараная цыбуля! Словазлучэнне, якое выклікае ў мяне гідоту. З першым сваім крокам я ўзненавідзела вараную цыбулю і першыя сем гадоў майго жыцця прайшлі пад знакам змагання з гэтым усюдыісным рэчывам. Нават медузы ў моры ў мяне асацыіраваліся з ёю. Яна проста пераследавала мяне! Я старанна вылоўлівала яе з усіх талерак з пячонкай ў смятане і рыбай па-грэчаску... Менавіта з-за цыбулі я наогул не ела супы. Калі ёсць рэчы несумяшчальныя, дык гэта я і вараная цыбуля. Доўгі час адна толькі назва "пірог з цыбуляй" павяргала мяне ў шок.
Тым не менш, апошнім часам стала гатаваць французкі цыбульны суп з сырнымі грэнкамі. Вярнула мяне ў лона супаедаў літаратура. Дзякуючы ёй, а дакладней, удалым пісьменніцкім творам я пакаштавала смажаныя бычыя яйкі і суп з ялавічыных хвастоў. Палову жыцця мару ўзнавіць на сваёй кухні рэцэпты з кнігі Амаду "Дона Флор і два яе мужа"...
А чым можа пахваліцца беларуская літаратура? Не, усе чулі пра клёцкі ў бярозавіку з "Новай зямлі" ці верашчаку з "Тараса на Парнасе". Але якое агульнае ўяўленне будзе ў нашых нашчадкаў пра кулінарыю дваццатага стагоддзя, калі яны будуць кіравацца кулінарнымі кніжкамі ці старонкамі сучасных кніг? Ці сустрэнуць яны хоць нешта, што хацелася тут жа, кінуўшы кнігу, згатаваць?
Падазраю, яны вырашаць, што мы не любілі жыццё!
Між тым, мне здаецца, што беларуская мяшчанская кухня сярэдзіны ХХ стагоддзя вартая апавання! Мядовікі, "утопленікі", хвораст, шасоны, рагалікі з курагой, кексы, "негры ў пене", печыва з варэннем і грэцкім арэхам...
У майго сябра, які жыў на плошчы Перамогі (для старых менчукоў -- Круглай), была шафа, дзе заўсёды стаяла міса з такім печывам, якое выпякалася адным пластом, рэзалася на ромбікі, высушвалася і елася цягам тыдня...
У прынцыпе, мне вельмі проста ўзнавіць усе гэтыя гарадскія рэцэпты. Маці пісьменніка Алеся Адамовіча, жанчына рэдкай дабрыні і магутнага кулінарнага таленту, усім сваім сваячкам пакінула ў спадчыну сшыткі са сваімі рэцэптамі. Вось і ў мяне ёсць чатыры сшыткі з перапісанымі яе рукой рэцэптамі. Думаю, што іх абавязкова трэба выдаць адной кнігай.
Засталося толькі дачакацца моды на сваё, роднае.
на
Адным з такіх мяшчанскіх рэцэптаў з'яўляецца вядомая многім "Шапка Манамаха", якую сёння і згатавала.
Вярнулася з Палесся, а быццам бы з Марса.
Асабліва вандроўка паўплывала на мой харчовы рацыён.
Чацвёрты дзень ем грыбы рышэцікі -- не помню я такой назвы! З назвамі грыбоў ў мяне наогул праблемы былі, бо амаль не разумела, пра што са мной гавораць: нават па апісанню слаба ўяўляла, што стаіць за той ці іншай назвай. Напрыклад, адзін мужчына доўга расказваў мне пра нейкі грыб, які труць на цёрцы, пякуць з яго наліснікі і ядуць, як мяса.
Што цікава, усе мужчыны са мной толькі і гаварылі, што пра грыбы, паляванне і рыбалку... Калі ўлічыць, што далей супермаркета "Карона" мае шляхі не цягнуцца, то можна ўявіць, як ім са мной было цікава.
А яшчэ я падсела на сочыва з алычы з апельсінамі і смажаныя грэцкія арэхі. Арэхі там не проста вырошчваюць, яны іх смажаць проста ў шкарлупе пасля збору! А цяпер там поўным ходам ідзе падрыхтоўка да гонкі кляновага соку. Так уразілася, што хажу і пытаюся ва ўсіх -- ці няма ў вас знаёмага клёну, каб пакаштаваць, што гэта -- кляновы сок.
Разумееце, я клён ад не-клёну без ліствы не адрозніваю, зусім.
Дарэчы, у вас няма?